Удзельнікаў „Астравецкага шляху” будуць судзіць



Міліцыя пераследуе арганізатараў і ўдзельнікаў „Астравецкага шляху”, які адбыўся  26 траўня ў Заслаў’і.

Так, 5 чэрвеня мясцовы аддзел міліцыі наведаў першы намеснік беларускай Партыі „Зялёныя” і адзін з заяўнікаў „Астравецкага шляху” Зміцер Кучук. Адносна яго складзены пратакол нібыта за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Зміцер Кучук з пратаколам не пагадзіўся і не падпісаў яго:

– Была экскурсія, быў круглы стол. На жаль, міліцыя трактуе гэта як незаконнае масавае мерапрыемства. Склалі пратакол. Пратакол мы не падпісалі. Дакументы перададуць у суд Менскага раёна.  Будуць суды над актывістамі , якія ўдзельнічалі ў круглым стале. Я бачыў дакументы, там ішла размова пра 7-10 чалавек – удзельнікаў круглага стала.

Зміцер Кучук звязвае такі ціск на актывістаў з тым, што набліжаецца тэрмін уводу Астравецкай АЭС у дзеянне. Па яго словах, узмацненне рэпрэсій можа крыху змяніць сцэнар правядзення „Астравецкага шляху”. „Але ад сваіх ідэяў мы не адмовімся. Будзем і надалей працягваць гэты шлях,” – падкрэсліў Зміцер Кучук.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск