Удзельнікаў Дня памяці паўстанцаў 1863 года будуць судзіць (абноўлена)



Працягваецца пераслед удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, які прайшоў 26-га кастрычніка ў Свіслачы. Праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу супрацоўнік Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка паведаміў, што ў дачыненні да яго складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

Потым міліцыянт прыехаў да Хільмановіча дадому, азнаёміў з пратаколам і склаў пратакол апытання. Паведамляе гарадзенскі журналіст Міхаіл Карневіч, які таксама быў у Свіслачы, але пакуль ніякіх позваў у суд не атрымаў:

– У маім выпадку справа выглядае так, што пакуль я не атрымаў ніякага ўведамлення, ніхто мне не тэлефанаваў і да мяне не прыходзіў. Валодзя Хільмановіч атрымаў позву на панядзелак, да яго прыходзіў міліцыянт, прынёс позву. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Вось гэта канкрэтна, што я ведаю.

Пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне склаў начальнік Свіслацкага РАУС маёр міліцыі Віктар Ганчарэвіч. У віну Хільмановічу ставіцца таксама фатаграфаванне на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

Праваабаронца цяпер чакае суд за “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Хільмановіч атрымаў позву на панядзелак 24 лістапада.

* * *

Грамадскі актывіст Алесь Мех з Кобрына чакае павесткі ў суд за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Свіслачы. Так яму сказалі ў час апытання ў Кобрынскім РАУС. Там паведамілі, што на яго, як і на сына Антона, прыйшлі дакументы са Свіслацкага РАУС. Пратакол складзены і падпісаны маёрам Віктарам Гандарэвічам, сведкі – міліцыянты гэтага РАУС: Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня, – кажа Алесь Мех:

– Ніякіх пытанняў да мяне не было, проста далі азнаёміцца з матэрыяламі справы, далі прачытаць пратакол. У пратаколе напісана, быццам я сябра партыі БНФ, але выступаў чамусьці не я, а выступаў мой сын – Мех Антон.

Алесь Мех напісаў, што з пратаколам не пагаджаецца. У пратаколе пазначыў, што ўскладаць кветкі героям Кастуся Каліноўскага – грамадскі і хрысціянскі абавязак кожнага беларуса.

* * *

Удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, які прайшоў сёлета 26-га кастрычніка ў Свіслачы, працягваюць пераследаваць. Праваабаронцу і публіцысту Уладзіміру Хільмановічу патэлефанаваў супрацоўнік Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка і паведаміў, што ў дачыненні да яго складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Потым гэты прадстаўнік міліцыі прыехаў да Хільмановіча дамоў, азнаёміў з пратаколам і склаў пратакол апытання.

Пратакол жа пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне склаў начальнік ООПП Свіслацкага РАУС маёр міліцыі Віктар Ганчарэвіч. У віну Хільмановічу ставіцца таксама фатаграфаванне на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

Праваабаронца цяпер чакае суд за “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве” паводле артыкулу 23.34, частка 3 КААП. Хільмановіч атрымаў позву на панядзелак 24 лістапада на 14-ю гадзіну ў Ленінскі РАУС.

24 лістапада фактычна ў закрытым рэжыме будуць судзіць паводле аналагічных пратаколаў журналіста Міхаіла Карневіча, прафесара Алеся Астроўскага і грамадска-палітычных актывістаў Ежы Грыгенчу і Віталя Лопасава.

Беларускае Радыё Рацыя