Удзельнікаў маршаў супраць фашызму суды караюць арыштам і штрафамі



Затрыманых 22 лістапада ў Менску ды іншых гарадах Беларусі ўдзельнікаў маршаў супраць фашызму суды караюць адміністрацыйным арыштам і штрафамі.

Паводле звестак праваабарончага сайта spring96.org, 23 лістапада ў сталіцы і рэгіёнах разгледзелі не менш за 174 адміністрацыйныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый.

116 чалавек пакараныя адміністрацыйным арыштам ад 8 да 25 сутак. Увогуле суды прызначылі ім 1.650 дзён арышту.

34 чалавекі аштрафаваныя на агульную суму 22.653 рубля (839 базавых велічынь).

У дачыненні да яшчэ 24 чалавек звестак пра судовыя рашэнні пакуль няма. Верагодна, іх абвяшчэнне перанесенае на наступны дзень.

22 лістапада ў сталіцы і шэрагу іншых гарадоў прайшлі дзясяткі лакальных маршаў супраць фашызму. Каб разгрупаваць сілавікоў і зменшыць колькасць затрыманняў, пратэстоўцы змянілі тактыку: замест аднаго маршу арганізавалі шэсці ў межах раёнаў і мікрараёнаў.

Для ўскладнення каардынацыі паміж пратэстоўцамі паводле патрабавання ўладаў была значна зніжаная хуткасць мабільнага інтэрнэту, зачыненыя 12 станцый метрапалітэна, адмененыя некаторыя прыпынкі наземнага грамадскага транспарту.

У некаторых раёнах сілавікі разагналі дэманстрантаў. Зафіксаваныя выпадкі прымянення спецсродкаў, у прыватнасці ля станцыі метро „Каменная Горка” ў Менску, дзе быў адзін з пунктаў збору пратэстоўцаў. Адзначаныя лакальныя сутычкі паміж прысутнымі і сілавікамі, якія праходзілі з пераменным поспехам.

23 лістапада прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла пра 345 грамадзян, якія да суда змешчаныя ў месцы ўтрымання затрыманых. У спісе затрыманых праваабарончага цэнтра „Вясна” фігуруе 389 імёнаў. Тыднем раней іх было больш за тысячу.

Марш супраць фашызму стаў 15-й нядзельнай акцыяй пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Прыхільнікі перамен працягваюць патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення сумленных выбараў, вызвалення палітзняволеных, а таксама прыцягнення да адказнасці вінаватых у збіванні мірных дэманстрантаў і іх катаваннях.

БелаПАН