У Менску прайшоў Марш людзей з інваліднасцю (абноўлена)



У Менску прайшоў марш людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі. Каля сотні чалавек сабраліся на плошчы Незалежнасці, а потым рушыла ў бок Плошчы Перамогі. Яны выкрыквалі лозунгі „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”, „Сыходзь!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”

У маршы ўдзельнічалі людзі розных узростаў, сярод іх 21-гадовы мянчук:

– Мой лозунг – “Свабоду палітвязням!” і “Новыя сумленныя выбары”. Бо калі ён застанецца з намі, то нам усім будзе вельмі горка.

– Я – інвалід другой групы ўжо 10 год, мне – 71 год. Я супраць катаванняў, супраць збіцця, асабліва моладзі, студэнтаў, супраць адлічэння з інстытута, супраць замены рэктараў. Здзекі, людзі не могуць свабодна хадзіць, збіраюцца 5-10 чалавек – значыць акцыя, іх фатаграфуюць, адсылаюць дадзеныя кудысьці.

Удзельнікі марша маюць самыя розныя віды інваліднасці. У тым ліку — з парушэннямі зроку.

Сярод іх браты Алег і Тарас

– Прэзідэнт, які забівае людзей без закона, без суда і следства, чалавек, які абкрадае краіну, гвалтуе жанчын.

– Ён развёў вось гэтых чыноўнікаў, дасядзеліся, што не зайсці да іх.

Гэта ўжо другі марш людзей з інваліднасцю. Першы адбыўся ў мінулы чацвер, 15 кастрычніка. На ім быў затрыманы Алег Граблеўскі, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю, які выконваў на маршыі функцыі праваабаронцы.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Менску адбываецца Марш людзей з інваліднасцю.

Калона ўдзельнікаў Маршу людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі каля ГУМа павярнула налева, на вуліцу Леніна, а затым — да гасцініцы „Еўропа”, і цяпер набліжаецца да Палаца Рэспублікі.

Дэманстранты перыядычна скандуюць лозунгі „Свабоду!”, „Новыя выбары!”, „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”, „Сыходзь!”, „Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!” і іншыя.

15.11 Скандуюць: „Свободу політвязням”, „Новыя выбары”, „Лукашэнка ўхадзі”, „Трыбунал”.

15.07  Скандуюць „Уходзі!” і „Караева пад суд”. Пачалі рух ад плошчы Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі.

Удзельнікі Маршу людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі пачалі шэсце ад Чырвонага касцёла па праспекце Незалежнасці.

У калоне каля 100 чалавек, сямёра з іх — на калясках. Яны выкрыкваюць лозунгі „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”, „Сыходзь!”, „Лукашэнку ў аўтазак!”, трымаюць плакаты з надпісамі „Скованные одной цепью, связанные одной целью”, „Інваліды супраць катаванняў” і іншымі. Многія ідуць з бел-чырвона-белымі сцягамі і стужкамі, з кветкамі. Аўтамабілі, якія праязджаюць міма, сігналяць. За тым, што адбываецца, назіраюць супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным з маскамі.

Беларускае Радыё Рацыя