Удзельнікі сустрэчы з Ціханоўскім у Лідзе працягваюць знаходзіцца за кратамі



Удзельнікі сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася ў Лідзе яшчэ 22 красавіка, працягваюць знаходзіцца пад арыштам. 30 траўня падыходзіць да канца 15 суткавы арышт Аляксея Барматава. А 28 траўня быў затрыманы і асуджаны таксама на 15 сутак яшчэ адзін удзельнік той сустрэчы – Леанід Насовіч.

Па словах жонкі Аляксея Барматава, лідзяне вельмі падтрымліваюць тых, хто ў гэтыя дні апынуўся за кратамі:

– Такі паток тэлефанаванняў! Усе тэлефануюць, спачуваюць, падтрымліваюць, усе кажуць: «Перадайце Аляксею, каб трымаўся». Усе з ім поўнасцю згодныя. Вельмі шмат тэлефанавала незнаёмых людзей, і ёсць людзі, якія аказваюць дапамогу. Я нават была да глыбіні душы расчуленая, таму што я не чакала, што будзе такая падтрымка.

Такім чынам на сённяшні дзень у Лідзе адбылі арышт, альбо зараз знаходзяцца за кратамі, агулам 7 чалавек. Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы з блогерам Ціханоўскім атрымаў штраф. У суме лідзяне атрымалі 73 суткі арышту і 270 рублёў штрафу.

На фота: аўтамабілі, у якіх міліцыянты сачылі і чакалі Аляксея Барматава ля дому, каб арыштаваць.

Беларускае Радыё Рацыя