“Укантакце” па-беларуску
Група маладзёнаў ужо на працягу некалькіх гадоў перакладае і ўдасканальвае папулярную сацсетку “ЎКантакце” на беларускую мову. Прычым, гэта не малавядомая сёння “тарашкевіца”, а акадэмічная беларуская мова, якую вывучаюць у школах ды ўніверсітэтах.
Работа над перакладам пачалася яшчэ ў 2011 годзе, калі маладыя людзі звярнуліся да адмініністрацыі сацсеткі для атрымання правоў на пераклад і вельмі хутка яго атрымалі. Работа над перакладам ішла павольна, бо маладзёны не мелі дастаткова вопыту ў такіх справах. За ўвесь час паспелі папрацаваць каля 25 чалавек, але зараз толькі 7 сталых перакладчыкаў, якія завяршылі складаную працу і працягваюць яе рабіць, таму што на сайце часта з’яўляюцца абнаўленні, якія патрабуюць новага перакладу.
Галоўнай мэтай такой работы з’яўляецца прыцягнуць як мага больш карыстальнікаў да беларускай версіі “ЎКантакце”, каб яны ўносілі свае папраўкі, дапамагалі выбіраць варыянты, каб пераклад стаў бліжэй да вока сучаснага карыстальніка. Адначасова беларуская мова будзе развівацца, як мова сацыяльных медыя, што вельмі важна ў час, калі мова жыве больш у інтэрнэце, чым на вуліцах беларускіх гарадоў.
Усе заўвагі і прапановы маладзёны гатовыя выслухаць у сваёй суполцы “ЎК” vk.com/mova_vk.