Украіна адновіць пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь



Украіна мае намер аднавіць пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, Малдову і Літву. Пра гэта паведаміў кіраўнік Мінэнерга Украіны Уладзімір Дземчышын, паведамляе 112.ua.

«Правялі перамовы з Літвой, Беларуссю і Малдовай … Перакананы, што з красавіка дакладна, а можа, нават ужо з сакавіка будзем аднаўляць экспарт электраэнергіі», – сказаў ён на пасяджэнні камітэта Вярхоўнай рады па паліўна-энергетычным комплексе.

Экспарт электраэнергіі быў спынены ў пачатку студзеня 2015 года і ажыццяўляўся ў Беларусь толькі ў нязначным аб’ёме. Як тлумачыць Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці, экспарт быў прыпынены для падтрымання збалансаванага рэжыму паміж спажыванай і згенераванай электрычнымі магутнасцямі ў АЭС Украіны і пазбягання адключэнняў ўнутраных спажыўцоў ад электраэнергіі.