Украіна хоча адкрыць у Беларусі прадстаўніцтва інфармагенцтва Укрінформ
Украінскае пасольства працуе над тым, каб у Беларусі адкрылася афіцыйнае прадстаўніцтва інфармацыйнага агенцтва Укрінформ, паведаміў пасол гэтай краіны Ігар Кізім, выступаючы перад слухачамі бясплатных курсаў украінскай мовы, якія адкрыліся 6 кастрычніка ў Менску.
Украінскае нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Укрінформ — дзяржаўнае інфармагенцтва, правапераемнік заснаванага ў 1918 годзе Украінскага тэлеграфнага агенцтва. Выпускае інфармацыйныя паведамленні і аналітычныя артыкулы на ўкраінскай, рускай, англійскай, нямецкай, іспанскай, кітайскай і французскай мовах.
Пытанне аб афіцыйным прадстаўніцтве Укрінформа, сказаў Кізім, вядзецца паралельна з ўладжваннем праблем, якія тычацца пачатку ў Беларусі вяшчання ўкраінскага тэлеканала. Паводле слоў дыпламата, беларускае кіраўніцтва выразна прадэманстравала палітычную волю, каб такі канал з’явіўся ў нацыянальнай медыяпрасторы, аднак пакуль не вырашаны шэраг тэхнічных праблем.
У пачатку жніўня ў інтэрв’ю БелаПАН Кізім ужо закранаў тэму тэхнічных складанасцяў, пераадоленне якіх прынцыповае для пачатку вяшчання ўкраінскага канала ў Беларусі. Адна з праблем: у Беларусі кабельныя сеткі дзяржаўныя і дзяржаўных каналаў тут больш.
„У нас сетка ўся прыватная. Каб на парытэтных пачатках запусціць каналы, атрымліваецца, што альбо вы не павінны плаціць за беларускі канал ва ўкраінскіх сетках, альбо мы павінны плаціць. І тут узнікае шэраг тэхнічных пытанняў, таму што ўладальнікі кабельных сетак ва Украіне розныя і з кожным трэба дамовіцца. Гэтае пытанне нашы міністэрствы павінны неяк вырашыць”, — адзначыў пасол.
belapan.by