Украіна падымаецца ў рэйтынгу свабоды СМІ
Пасля Майдана Украіна стала падымацца ў рэйтынгу свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Падзеі двухгадовай даўніны істотна паўплывалі на сітуацыю ў масмедыя.
Пра гэта паведаміла журналістка ўкраінскага інтэрнэт-рэсурсу stopfake.org, які займаецца выкрыццём дэзінфармацыі, Таццяна Матычак.
Пакуль у міжнародным рэйтынгу свабоды СМІ Украіна займае 126 месца ў свеце, але з прыняццем Радай новых законаў, гэтае месца будзе вышэйшым, упэўненая ўкраінка:
– Уступіў у сілу новы закон, які абавязвае ўсе тэлеканалы і радыёканалы распавядаць пра ўсіх уласнікаў, не толькі пра буйных, але і пра дробных. Гэта дапаможа разумець, хто ўплывае на палітыку СМІ, бо ў нас такое нізкае месца, у тым ліку таму, што ў нас СМІ кантралююцца алігархамі, якія не даюць журналістам казаць праўду. Таму я думаю, што мы будзем прымаць усё больш законаў і будзем падымацца ў рэйтынгу.
Калі ва Украіне рэйтынг свабоды прэсы мае перспектывы паляпшацца, то міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House ставіць Беларусь толькі на 194 месца. Горш са свабодай прэсы толькі ў Паўночнай Карэі, Узбекістане, Туркменістане, Эрытрэі і ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя