Украіна ўшаноўвае памяць ахвяраў Галадамору



28 лістапада – ва Украіне праходзіць штогадовы нацыянальны памятны дзень, які прыпадае на чацвёртую суботу лістапада. У Кіеве, у шэрагу іншых гарадоў Украіны і за мяжой, адбудуцца жалобныя мерапрыемствы.

Асноўныя памятныя мерапрыемствы адбудуцца ў нацыянальным музеі „Мемарыял памяці ахвяр Галадамору” ў Кіеве па вуліцы Лаўрскай, 3. Там а 15-й памянуць ахвяр галадамораў збяруцца шматлікія  жыхары сталіцы, сярод якіх – першыя асобы дзяржавы, кіраўнікі ўкраінскіх цэркваў. Тэрыторыю музея будуць ахоўваць паліцыя і спецслужбы, а таму ў гэты час людзей не будуць пускаць блізка да мемарыялу.

А 16.00 пройдзе агульнанацыянальная хвіліна маўчання. А ў 16:01 стартуе Усеўкраінская акцыя „Запалі свечку памяці”. Украінцы будуць запальваць свечкі ў памяць аб забітых генацыдам суайчынніках поруч месцаў памяці Галадамору і ў вокнах сваіх дамоў па ўсёй Украіне і свеце.

Як паведамляў УНІАН, ахвярамі Галадамору ў УССР, паводле ацэнак ўкраінскай Акадэміі навук, сталі 4,5 мільёны чалавек (дадзеныя 2013). Агульная колькасць загінулых ад голаду ў цэлым па СССР налічваецца ў межах 7-8 мільёнаў чалавек. З няўкраінскіх страт ільвіную долю складаюць ахвяры голаду на Паўночным Каўказе і Кубані.