Украіна ўводзіць біяметрычны кантроль для замежнікаў



Беларусы, як і ўсе іншыя, з 1 студзеня 2018 года павінны будуць пры перасячэнні мяжы здаваць біяметрычныя звесткі, заявіў міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін у інтэрв’ю агенцтву Укринформ.

„Візы як элемента арганізацыі нашай бяспекі недастаткова — наогул, але перш за ўсё з РФ — без стварэння баз біяметрычных звестак, без атрымання паведамленняў пра паездкі грамадзян Расеі да нас. І, галоўнае, нам трэба таксама адсочваць перамяшчэнні расейскіх грамадзян па тэрыторыі Украіны. Толькі рэалізацыя ўсіх гэтых пунктаў дазволіць нам больш эфектыўна арганізаваць нашу бяспеку. Вядома, грамадзяне Беларусі, як і ўсе іншыя, павінны будуць пры перасячэнні мяжы здаваць біяметрычныя звесткі — гэта дакладна прапісана ў законе і з’яўляецца элементам нашай нацыянальнай бяспекі”, — падкрэсліў украінскі міністр.

„Акрамя таго, мы зараз сумесна з Дзяржаўнай міграцыйнай службай і Дзяржпагранслужбай распрацоўваем канцэпцыю, якім чынам гэта будзе працаваць, і найбліжэйшым часам пра гэта паведамім”, — дадаў ён.

„Я свядома не буду расказваць пра дэталі, каб загадзя не выклікаць маніпуляцый. Адзінае скажу: мы будзем выкарыстоўваць міжнародны вопыт, але, дапускаю, з больш дэталізаванымі патрабаваннямі. Гэта значыць усё, што трэба зрабіць для нацыянальнай бяспекі ў межах гэтага працэсу, мы адназначна рэалізуем”, — сказаў Клімкін.

„Хачу падкрэсліць: для сяброў новыя правілы перасячэння мяжы ніякіх праблем не створаць, але для непрыяцеляў — адназначна створаць, і немалыя”, — заявіў ён.

Указ аб узмацненні жорсткасці правілаў уезду ва Украіну для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства падпісаў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка. З 1 студзеня 2018 года ўезд ва Украіну „замежных грамадзян, у тым ліку Расейскай Федэрацыі”, магчымы толькі па біяметрычных пашпартах. Таксама іншаземцам і асобам без грамадзянства трэба будзе накіраваць папярэдняе электроннае паведамленне пра планы наведаць Украіну.

Варта адзначыць, што ў Беларусі біяметрычныя пашпарты грамадзянам пачнуць выдаваць 1 студзеня 2019 года.

Паводле БелаПАН