Украіна закрывае яшчэ пяць пунктаў пропуску праз мяжу з Беларуссю
У рамках узмацнення каранціну ў сувязі з распаўсюджваннем каронавірусу COVID-19 Украіна з 0 гадзін 7 красавіка закрывае яшчэ пяць пунктаў пропуску праз мяжу з Беларуссю, вынікае з распараджэння Кабінета міністраў краіны.
Будуць закрытыя памежныя пераходы «Аляксандраўка – Вільча», «Верхні Церабяжоў – Гарадзішча», «Невель – Прыкладнікі», «Мохра – Дольск» і «Тамашоўка – Пулямец».
Працягнуць працу восем пунктаў пропуску: пяць аўтамабільных («Даманава – Макраны», «Славечна – Выступовічы», «Камарын – Славуціч», «Новая Гута – Новыя Ярылавічы», «Весялоўка – Сянькоўка») і тры чыгуначныя («Гарынь – Удрыцк», «Ёлча – Няданчычы», «Церуха – Гарнастаеўка»).
Раней Украіна закрыла 11 пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.У цэлым украінскія ўлады 7 красавіка закрыюць 115 пунктаў пропуску. У паведамленні КМУ падкрэсліваецца, што мяжу нельга будзе перасекчы пешым шляхам.
Як мінімум да 24 красавіка забаронены ўезд замежнікаў ва Украіну, а таксама выезд украінцаў за мяжу ў якасці турыстаў.