Украінец Сяргей Працэнка застанецца жыць у Беларусі
Калегія абласнога суда Гомельскай вобласці скасавала рашэнне суда Буда-Кашалёўскага раёна, які падтрымаў пазіцыю праваахоўнікаў адносна дэпартацыі ўкраінскага грамадзяніна.
Прадстаўнік незалежнага прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак лічыць перамогу ў судзе вынікам супольнай працы праваабаронцаў і незалежных СМІ, якія асвятлялі працэс на ўсіх этапах.
– Вельмі добры прыклад сінергіі, калі некалькі праваабарончых арганізацый разам можа зрабіць значна больш, чым паасобку. Сацыяльна-эканамічныя правы таксама з’яўляюцца часткай інтарэсаў прафсаюзнай арганізацыі, а Сяргей – сябра нашай арганізацыі. Тая сітуацыя, калі ён мог бы пазбавіцца сваёй працы, магчымасці адносінаў з сям’ёй, – гэта, безумоўна, умяшальніцтва ў яго сацыяльна-эканамічнае права.
Сяргей Працэнка выказвае падзяку беларусам, якія не пакінулі яго ў бядзе.
– Надзеі канешне былі. Дзякую рэпарцёрам, якія пісалі шмат, пусцілі па ўсёй краіне інфармацыю. Людзі пішуць, тэлефануюць, падтрымліваюць.
Украінскі грамадзянін Сяргей Працэнка з 2009 года пражывае ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Працуе на мясакамбінаце. У ягонай сям’і выхоўваюцца трое непаўналетніх дзяцей. У канцы 2018 года міліцыянты Буда-Кашалёўскага РАУС прынялі рашэнне пра дэпартацыю ўкраінца. Падставай для высылкі стала адміністрацыйная справа, распачатая ў звязку з затрыманнем яго ў стане алкагольнага ап’янення.
Беларускае Радыё Рацы, Гомель
Фота: Радыё „Свабода”