Украінскага праваабаронцу не пусцілі ў Беларусь
Увечары 2 лістапада на літоўска-беларускай мяжы памежнікамі быў затрыманы ўкраінскі праваабаронца Назарый Баярскі. Яго знялі з цягніка «Вільня-Менск» на чыгуначнай станцыі Гудагай.
Назарый Баярскі. Фота: belaruspartisan.org
Праваабаронцу абвясцілі аб забароне на ўезд на тэрыторыю Беларусі без тлумачэння прычынаў. Пра гэта ў сваім «Фэйсбуку» паведаміла праваабаронца Алена Танкачова.
Назарый Баярскі – сустаршыня кааліцыі па супрацьдзеянні дыскрымінацыі ў Украіне, каардынатар адукацыйных праграм Цэнтра грамадзянскіх свабод, актывіст «Еўрамайдана SOS».
Улетку 2012 году ён быў адным з арганізатараў вандроўнай выставы „Правы чалавека па-за гульнёй», падчас якой збіраліся подпісы ў падтрымку беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які ў той час знаходзіўся за кратамі.