Украінскі палітвязень Крамля Кастэнка выйшаў на волю
Крымскі палітвязень Аляксандр Кастэнка выйшаў на волю з расейскай калоніі №5 у горадзе Кірава-Чапецк Кіраўскай вобласці. Пра гэта ў каментары „Громадському” паведаміў сябра Грамадскай назіральнай камісіі Кіраўскай вобласці Дзяніс Шадрын. Паводле яго словаў, Кастэнка накіруецца ў Кіеў праз Маскву.
Дарадца ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Алена Мячына ў каментары выданню паведаміла, што афіцыйнай інфармацыі пра вызваленне Кастэнкі ў яе пакуль няма.
Кастэнку арыштавалі ў Крыме 8 лютага 2015 года. Паводле абароны, перад затрыманнем яго выкралі супрацоўнікі ФСБ, збівалі, катавалі токам і зламалі яму руку. Пасля, па словах адваката, Кастэнку збівалі ў СІЗА яго сукамернікі.
15 траўня 2015 года „Кіеўскі раённы суд Сімферопаля” прыгаварыў украінца да чатырох гадоў і двух месяцаў турэмнага зняволення за „наўмыснае прычыненне лёгкай шкоды здароўя” супрацоўніку крымскага падраздзялення „Беркут” у час пратэстаў у Кіеве і незаконнае захоўванне „асноўных частак агнястрэльнай зброі”.
Пазней адвакат крымчаніна Сотнікаў паведаміў, што тэрмін зняволення скарацілі на чатыры месяцы.
Беларускае Радыё Рацыя
