Украінскіх журналістаў на мяжы распранулі да майтак



Беларускія мытнікі на пункце пропуску „Новая Гута” некалькі гадзінаў без тлумачэнняў абшуквалі здымачную групу канала „1+1”, паведамляе „Беларускі партызан”. Аўтамабіль журналістаў разабралі літаральна па частках. Саміх украінцаў прымусілі распрануцца да сподняй бялізны, уважліва агледзелі іх асабістыя рэчы.

Пры гэтым журналістам адмовілі ў тэлефанаванні ў МЗС, хаця здымачная група была афіцыйна акрэдытаваная ў Беларусі. Журналісты падазраюць, што падставай стаў відэасюжэт пра жыццё сучаснай Беларусі і „бацькаву лібералізацыю”. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавёў журналіст Яўген Плінскі — адзін з журналістаў, якія трапілі пад дагляд мытнікаў.

Паведамляецца, што ўкраінцы былі ў Беларусі ў пяцідзённай камандзіроўцы. Яны рабілі рэпартаж, прысвечаны ўплыву Чарнобыльскай катастрофы на частку беларускай тэрыторыі.

Цяперашні дагляд Плінскі звязвае з папярэднім візітам у Беларусь і сюжэтам, які выйшаў тады. „Матэрыялы, якія тады выйшлі ў эфір, былі вельмі разнастайныя, мы распавядалі не толькі пра тое, як жыве краіна, але і пра тое як улада Беларусі навучылася зарабляць на вайне Украіны з Расеяй, мы паказалі „аскетычныя” рэзідэнцыі чыноўнікаў і трохі распавялі пра бізнес сям’і Лукашэнкі. Магчыма, таму наш паўторны візіт палічылі нахабствам і вырашылі нас такім чынам правучыць”, — мяркуе ён.

18 красавіка журналіст абяцае падаць афіцыйную скаргу і запатрабаваць сатысфакцыі.

[Not a valid template]