Украінскія бежанцы знаходзяць прытулак і працу на Берасцейшчыне



На Берасцейшчыне, шукаючых прытулку грамадзян Украіны, пераважна ўладкоўваюць у аграрна-прамысловы комплекс на сяле. Казаць пра такую з’яву, як бежанства, мясцовыя ўлады не хочуць. Берасцейскі аблвыканкам яшчэ ў 2005 годзе распрацаваў праграму, паводле якой у рэгіёне аддаецца прыярэтэт украінскім працаўнікам.

Сёлета, у сакавіку, намеснік кіраўніка вобласці Леанід Цупрык адзначыў, што ўкраінцам максімальна спрошчаная працэдура па атрыманні працы і ўвогуле ўладкавання на Берасцейшчыне. Паводле яго слоў, украінцы заўжды ў летні сезон прыязджалі на працу ў вобласць, але цяпер жадаюць застацца на сталае жыццё.

Сябра Партыі БНФ Андрэй Кахнюк падчас вандроўкі па Палессі збіраў на гэты конт думкі простых вяскоўцаў і падзяліўся пачутым з нашым радыё:

-Негатыва ад людзей я пакуль не чуў. Пазітыў ёсць: трэба дапамагчы братам, апошні кавалак хлеба не з’ядуць. Вось такое я чуў. Сітуацыя ва Украіне ацэньваецца даволі супярэчліва. Сам погляд людзей на тое, што адбываецца там зараз, на саму сітуацыю, – негатыўны.

На вёсцы украінцам прапаноўваецца жытло, у большасці выпадкаў гэта так званыя “прэзідэнцкія домікі”. Гуманітарную падтрымку даручана арганізоўваць мясцовым аддзяленням Чырвонага Крыжа і пасялковым выканаўчым камітэтам.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.open.by