Украінскія памежнікі затрымалі беларуску з базы Інтэрпола
Украінскія памежнікі затрымалі беларуску, якую шукаў Інтэрпол. Увечары 27 cтудзеня яна спрабавала перасекчы мяжу ў пункце пропуску «Новыя Ярылавічы», паведамляе Tut.by са спасылкай на сайт украінскага ведамства.
На сайце Дзяржпагранкамітэта дадзеныя затрыманай грамадзянкі Беларусі не выдаюцца. Але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра Кацярыну Пліско (Клеменсон). Гэта адзіная беларуска, якая праходзіць па базе Інтэрпола.
У міжнародны вышук 37-гадовую Кацярыну Пліско абвясцілі ўлады Даніі. Жанчыну падазраюць у выкраданні дзіцяці — 3-гадовай Евы Клеменсон. Дзяўчынка нарадзілася ў студзені 2015 года, а ўжо ў траўні мама з’ехала разам з дачкой. У паліцыю звярнуўся бацька Евы.
Пра затрыманне беларускі ўкраінскія памежнікі праінфармавалі мясцовае бюро Інтэрпола, а жанчыну перадалі работнікам Нацпаліцыі.