Украінскія памежнікі затрымалі беларуса, які пагэтуль жыве ў СССР
Так, прынамсі, сведчаць дакументы, якія парушальнік прад’явіў на мяжы. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс Цэнзар.нет.
Нашага земляка затрымалі на Жытоміршчыне, непадалёк вёскі Ніжняя Рудня, што зусім блізка да ўкраінска-беларускай мяжы. Мясцовыя жыхары паведамілі, што невядомы відавочна збіраецца перайсці мяжу. Пасля затрымання памежнікамі парушальнік змог прад’явіць толькі адзін дакумент: вайсковы білет часоў СССР. Ён таксама паведаміў, што яшчэ мае і савецкі пашпарт, але з сабою не ўзяў.
Як высвятлілася, ураджэнец Гомельскай вобласці больш за 20 гадоў пражыў ва Украіне па дакументах неіснуючай дзяржавы і нарэшце вырашыў вярнуцца дахаты. Разумеючы, што па савецкім вайсковым білеце яго ніхто праз мяжу не прапусціць, ён пайшоў у абыход пунктаў пропуска.
Згодна ўкраінскага заканадаўства, наш зямляк парушыў ажно два законы: “Парушэнне іншаземцамі правілаў знаходжання ва Украіне” і “Спроба незаконнага пераходу мяжы”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота : Цэнзар.нет