Украінскія тэлеканалы прыходзяць у Беларусь



У Менску афіцыйна прэзентавалі пачатак вяшчання ўкраінскага тэлеканала UA TV у Беларусі.

Перамовы пра запуск украінскага тэлеканала ў Беларусі вяліся з канца 2014 года, у студзені 2019-га Міністэрства інфармацыі выдала дазвол, у сярэдзіне лютага UA TV пачаў транслявацца шэрагам беларускіх кабельных аператараў. У размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заўважыў, што беларусам стане прасцей дазнавацца пра сапраўднае жыццё суседзяў.

Сапраўды, данясенне да беларускага тэлегледача праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца сёння ва Украіне, вельмі важнае. Калі я гляджу, якія тут тэлеканалы, а тут, на жаль, вялікая прысутнасць расейскіх тэлеканалаў, то мне шкада тых беларусаў, якія глядзяць толькі гэтыя каналы. Усе ведаюць, што частка тых, хто глядзіць праз інтэрнэт навіны ці перадачы, нашмат меншая за тую частку, якая ўключае кожны дзень дома тэлевізар.

UA TV вядзе кругласутачную трансляцыю на ўкраінскай, рускай, англійскай, арабскай і крымска-татарскай мовах. У Беларусі ж ён будзе вяшчаць на рускай ды англійскай – такое рашэнне было прынята ў Кіеве. Праўда, адказваючы на пытанне Рацыі, гендырэктар тэлеканала Людміла Беразоўская сказала, што пасля выканання першапачатковых задач можна падумаць і пра перавод часткі вяшчання на беларускую альбо ўкраінскую.

Першы крок – гэта прыйсці на гэты рынак, а другі – зрабіць так, каб глядач чакаў нас. У нас ёсць сайт. Усе нашы праекты па-ўкраінску выкладаюцца на сайце і YouTube і знаходзяцца ў адкрытым доступе.

Бліжэйшым часам, калі будзе дадзены дазвол беларускімі ўладамі, беларусы змогуць глядзець яшчэ некалькі ўкраінскіх тэлеканалаў: 1+1 International, «Квартал», Star Cinema і Star Family. Плануе падаць заяўку і папулярны ўкраінскі тэлеканал Інтэр+.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара