Украінскія журналісты патрабуюць вызваліць аператара „Белсата”
Украінскія журналісты прынялі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вызваліць затрыманага аператара тэлеканала „Белсат” Аляксандра Баразенку. Пра гэта паведамляюць Цэнтр інфармацыі аб правах чалавека і Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.
Баразенка быў затрыманы 25 сакавіка ў цэнтры сталіцы падчас разгону АМАПам акцыі, прымеркаванай да Дня Волі. У дачыненні да яго быў ужыты арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) — нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадскім месцы. Баразенка віны не прызнаў і ў знак пратэсту абвясціў галадоўку. „Мы, украінскія журналісты, выказваем сваю салідарнасць з беларускім журналістам, аператарам тэлеканала „Белсат” Аляксандрам Баразенкам, якога Маскоўскі раённы суд Менска 27 сакавіка прыгаварыў да 15 сутак арышту”, — гаворыцца ў звароце.
Як зазначаюць украінскія журналісты, згодна з міліцэйскім пратаколам, а таксама паказаннямі „сведак”, Аляксандр Баразенка на святкаванні Дня Волі 25 сакавіка лаяўся матам і размахваў рукамі. Аднак момант затрымання Баразенкі зафіксаваны на відэа. Ён вёў прамы эфір з месца падзей, быў цалкам спакойным і неаднаразова паўтараў супрацоўнікам АМАП: „Журналіст! Журналіст!”
„Раз гэта відэа не стала доказам невінаватасці для суддзі Таццяны Мотыль, мы лічым, што суд над нашым калегам Аляксандрам Баразенкам з’яўляецца формай рэпрэсій і запалохвання за яго прафесійную дзейнасць. Мы шкадуем, што на „астраўку стабільнасці і спакою”, у Беларусі, нашы калегі вымушаныя ўжываць такія надзвычайныя спосабы абароны ўласнай годнасці, як галадоўка. Лічым, што Аляксандр Баразенка за сваю сумленнасць і добрасумленнасць заслугоўвае павагі”, — падкрэсліваецца ў звароце.