Украінцы эмігруюць у ЕЗ, ЗША і Беларусь



Каля 65 % украінцаў хочуць эміграваць з краіны. Такія вынікі апытанкі сацыялагічнай кампаніі “Тэйлар Нэльсан Соферз Україна”. На першым месцы патэнцыйных накірункаў эміграцыі ўкраінцаў – краіны Еўразвязу. На другім – Канада і ЗША. На трэцім – Беларусь.

Пашпарт Украіны

Шмат хто ва Украіне ўпэўнены, што ў Беларусі сярэдняя зарплата сягае 500 даляраў, што кожная маладая сям’я адразу атрымлівае кватэру і што ў Рэспубліцы Беларусь зусім няма беспрацоўя. Разважае ўкраінскі аналітык Дзмітрый Мамчур:

– Са стратай нейкіх расейскіх сімпатый трэба было штосьці знайсці, каб непадалёк і адпаведна ў нейкай “забугоршчыне”. Дык вось такой “забугоршчынай” для шматлікіх персанажаў, якія даўно у Беларусь не ездзілі, вось яна і стала. Чаму? Таму што ў прынцыпе яшчэ нармальна ідзе беларускае тэлебачанне “Беларусь 24”, дзе новыя трактары паказваюць, новыя аўтамабілі. Дзейнічае такі момант дзяржаўнай прапаганды і агітацыі.

За апошнія два гады з Украіны эмігравала каля 900 000 чалавек. З іх 81 тысяча выехала на сталае месца жыхарства ў Беларусь.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя