Украінцы незаконна высякаюць лясы на Палессі
За месяц у Палескім лясгасе, што ў Столінскім раёне Берасцейскай вобласці, выяўлены 2 факты незаконнай высечкі леса. Апошняе злачынства выявіў пінскі памежны атрад. Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт, незаконную высечку ажыццяўлялі грамадзяне Украіны, бо ў гэтым кірунку перацягнута частка дрэў.
Усяго высеклі звыш 20 дрэў. За мінулы год адбылося некалькі аналагічных выпадкаў. Такія вылазкі “чорных лесасекаў” прымушаюць лясгасы ўзмацняць кантроль за тэрыторыяй, але злавіць злачынцаў не проста, адзначае ляснік Сяргей Нікрашэўскі:
– Былі ўжо неаднаразова выпадкі, калі мы выходзілі і прад’яўлялі пасведчанні. Пры нашым з’яўленні парушальнікі кідаюць пілы і ўцякаюць. Стараемся працаваць не толькі з панядзелка да пятніцы, але выходзім і ў выхадныя дні, і ўвечары – г.зн. тады, калі парушальнікі думаюць, што мы адпачываем.
Самая вялікая нажыва “чорных лесасекаў” за апошнія 5 год была ў 2011 годзе, калі злачынцы высеклі каля 1000 дрэў. Леснікі нагадваюць, што нельга высякаць нават сухастой, за гэта таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Google.Images