Украінская Рада прыняла ў першым чытанні закон аб рынку зямлі (абноўлена)



Вярхоўная Рада ўхваліла законапраект, які ўводзіць рынак зямлі ва Украіне з 1 кастрычніка 2020 года.

Як перадае УНІАН, за прыняцце адпаведнага законапраекта ў першым чытанні прагаласавалі 240 дэпутатаў пры неабходным мінімуме ў 226 галасоў. 18 Кастрычніка Камітэт Вярхоўнай Рады па пытаннях аграрнай і зямельнай палітыкі рэкамендаваў парламенту прыняць за аснову альтэрнатыўны законапраект, які не дапускае да куплі землі юрыдычных асобаў, канчатковымі бенефіцыярамі якіх з’яўляюцца замежнікі, да 1 студзеня 2024 года. У канцы снежня 2018 года Вярхоўная Рада падоўжыла дзеючы з 2001 года ва Украіне мараторый на продаж зямель сельскагаспадарчага прызначэння да 2020 года. Паводле прагнозаў Сусветнага банку, адкрыццё рынку зямлі сельгаспрызначэння можа штогод прыносіць ўкраінскай эканоміцы дадаткова ад 700 мільёнаў да 1,5 мільярда даляраў.

* * * 

Каля будынку Вярхоўнай Рады ў Кіеве праходзіць акцыя пратэсту з нагоды меркаванага зняцця забароны на продаж зямлі ўрадам Украіны. Пра гэта паведамляе тэлеканал „112 Україна”.

Таксама паведамляецца, што пратэстоўцы зладзілі акцыю супраць законапраекта: імі пад вокны Рады была прывезена мёртвая свіння, якую яны паклалі ў труну і збіраюцца пахаваць на кіеўскай плошчы Канстытуцыі. Акрамя гэтага, удакладняецца, што такім чынам аграрыі Украіны выказваюць свой пратэст супраць зняцця забароны на продаж зямлі, бо ім давядзецца выразаць усю сваю жывёлу для таго, каб здолець канкураваць з буйнымі аграхолдынгамі.

Еўрапейскі Звяз падтрымлівае планы ўрада адкрыць рынак зямлі ва Украіне.

„Паважаючы незалежны заканадаўчы працэс Украіны і прыняцце суверэнных рашэнняў, гатовыя прапанаваць досвед і падтрымку разам з іншымі міжнароднымі партнёрамі. Пры адкрыцці гэтага рынку важныя гарантыі, каб пазбегнуць празмернай канцэнтрацыі зямлі ў руках некалькіх аператараў”, – заявілі ў Еўразвязе, які рэкамендуе, каб у аснове сістэмы дзяржаўнай падтрымкі былі маленькія фермерскія гаспадаркі.

Раней Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў гатовасць запусціць паўнавартасны рынак зямлі, гэта значыць па сутнасці дазволіць продаж актыву замежным інвестарам. Гэтае пытанне абмяркоўваецца каля 20 гадоў, але ніводны ўрад не адважыўся на такі крок, баючыся народнай незадаволенасці.