Улада наводзіць «парадак» з выбарчымі межамі
Выбаршчыкі з трох вуліц: Маладзёжнай, Садовай і Паўднёвай – аграгарадка Кабакі Бярозаўскага раёна не дамагліся вяртання іх вуліц у Жычынскую выбарчую акругу №9, дзе раней кандыдатам і дэпутатам быў Валер Білібуха. Праца Білібухі як дэпутата цалкам іх задаволіла. Людзі жадаюць і надалей бачыць яго дэпутатам.
Але ўлада раптоўна пажадала навесці «парадак» з выбарчымі межамі. Таксама ўлічыла той факт, што Білібуха не пражывае на гэтых вуліцах. І памяняла кандыдата.
Жыхароў гэтых вуліц і самога Білібуху такія дзеянні ўлады моцна абурылі, кажа Валер Білібуха:
– Чыноўнікі не прыслухоўваюцца да просьбаў і меркаванняў людзей. Яны вырашылі мяне проста не прапусціць, гэта было бачна яшчэ на першых стадыях перадвыбарчай кампаніі. Яны хочуць ізаляваць мяне ад людзей і людзей, якія вялі са мной актыўную працу па вырашэнні сваіх праблем, ізаляваць ад мяне. Яны мне далі гэтую Калгасную вуліцу. У адказе райвыканкама напісана: «Сам пражывае на вуліцы Калгаснай». Але пры чым тут маё пражыванне? Калі, напрыклад, старшыня сельскага савета пражывае ў Кабаках, а балатуецца па Карпішах.
Паводле праваабаронцы Сержука Русецкага, улада фармальна не парушыла выбарчае заканадаўства. У той час праігнаравала жаданне і інтарэсы галоўнага носьбіта ўлады па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – народа.
Беларускае Радыё Рацыя