Уладальнік таксі „Алмаз” часткова кампенсаваў страты дзяржаве
Уладальнік сталічнага таксі „Алмаз” Віктар Пузікаў, які быў затрыманы ў чэрвені па падазрэнні ў нявыплаце падаткаў, пагасіў частку сумы, паведаміла БелаПАН крыніца, знаёмая з ходам расследавання.
Паводле яго звестак, бізнесмен, які да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА на вул. Валадарскага, выплаціў прыкладна траціну сумы.
Віктар Пузікаў, які да 33 гадоў паспеў пабудаваць найбуйнейшую ў Беларусі службу таксі „Алмаз” і ўвайшоў у топ-40 маладых беларускіх бізнесоўцаў, быў арыштаваны 13 чэрвеня з-за праблем з падаткамі. Праваахоўнікі налічылі, што бізнесмен не заплаціў у бюджэт 1,5 млн рублёў.
Паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, Пузікаў арганізаваў праз сваю дыспетчарскую службу шэрую схему перанакіравання кліенцкіх замоваў нелегальным таксістам. За гэтую паслугу таксісты, якія не маюць афіцыйнай дамовы з „Алмазам”, плацілі Пузікаву ўзнагароджанне, якое не ўлічвалася ў афіцыйных бухгалтарскіх дакументах. Спецыялісты падлічылі, што з 2015 па 2017 гады Пузікаў нелегальна атрымліваў каля 200 тысяч даляраў штомесяц.
Крыніца таксама паведаміла БелаПАН, што праваахоўнікі канфіскавалі ў офісах кампаніі дакументацыю за апошнія пяць гадоў. Ці будзе пералічаная шкода, пакуль невядома.
Паводле звестак СК, на гэты момант абвінавачанне выстаўленае толькі Віктару Пузікаву, яшчэ тры чалавекі праходзяць па справе ў якасці падазроных. Пакуль Пузікаў знаходзіцца ў СІЗА, бізнесам кіруе яго жонка.
Паводле закона, абвінавачваны можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотным пакрыццём прычыненай шкоды і выкананнем iншых умоў (арт. 88-1 КК). Такім чынам да суда на волю выйшлі бізнесмены Юрый Чыж („Трайпл”), Яўген Баскін ( „Сервалюкс”), Алег Зухавіцкі („ЗОВ”) і іншыя.
Паводле БелаПАН