Уладальніка аграсядзібы аштрафавалі за нацыянальную сімволіку



Суд Лідскага раёна 17 мая аштрафаваў уладальніка аграсядзібы „Гасьціна” Віталя Карабача на 30 базавых велічынь (870 рублёў) за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Трое сутак ён правёў пад вартай.

„Мне далі штраф 30 базавых велічынь за пікет у сядзібе. Ехаў міма менскі АМАП, убачыў „Пагоню” і гэтак заехаў у госці”, — паведаміў БелаПАН Карабач.

Паводле яго слоў, міліцыя з ім у цэлым абыходзілася карэктна, але да палітычных затрыманых ужывалі асобныя правілы: не давалі паліць, не прымалі перадачы, ноччу падымалі два разы.

Карабач растлумачыў, што суддзя Філатаў, які разглядаў яго справу, больш прэтэнзій меў не да вялікай „Пагоні” ў сядзібе, а да сімволікі ў машыне.

„Я планую і далей займацца сядзібай. „Гасьціна” застанецца такой жа, якая была, на ўваходзе хіба што не будзе сімволікі”, — заявіў прадпрымальнік. Аднак у выпадку далейшага ціску гатовы прадаць бізнес.

Уладальніка аграсядзібы АМАП затрымаў позна ўвечары ў пятніцу, 14 мая. Карабач чакаў суда да панядзелка пад вартай.

БелаПАН

Фота: facebook.com