Улады абяцаюць дадатковую падтрымку медыкам
У Беларусі будуць выпрацаваныя дадатковыя меры для стымулявання медыцынскіх работнікаў, якія працуюць з хворымі на каронавірусную інфекцыю, заявіў 5 красавіка ў праграме „Галоўны эфір” на тэлеканале „Беларусь 1” намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.
„Адпаведная сістэма стымулявання ёсць, яна прынятая. І тыя дадатковыя даручэнні, якія былі дадзеныя ўраду кіраўніком дзяржавы, яны ўжо цяпер у стадыі рэалізацыі. І мы, я думаю, выпрацуем яшчэ дадатковыя меры, звязаныя са стымуляваннем тых лекараў, якія стаяць на перадавой па барацьбе з каранавірусам”, — сказаў Петрышэнка.
Паводле яго слоў, гэтыя меры закрануць не толькі лекараў, але „і медсясцёр, і іншы персанал, які задзейнічаны ў гэтым працэсе”.
Петрышэнка таксама адзначыў, што ў краіне значна ўзрос попыт на маскі: сёння іх выпускаюць 450-500 тысяч штук за суткі, але ў канцы наступнага тыдня плануецца выйсці на 1 мільён, а яшчэ праз паўтара — на 2 мільёны штосуткі.Для лекараў робяць спецыяльныя касцюмы, акуляры і маскі. „Усе тыя патрэбы, якія ёсць у нашым грамадстве, яны будуць у поўнай меры задаволеныя”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Ён таксама паведаміў, што за суткі ў краіне вырабляецца 2,5 тыс. тэстаў на каронавірус, на наступным тыдні іх колькасць узрасце да 3,5 тыс. „У дзень мы вырабляем каля 700 тэстаў. Гэта значыць, у нас неабходныя запасы тэстаў ёсць і яны актыўна выкарыстоўваюцца для таго, каб своечасова выявіць тых асоб, якія схільныя да гэтага захворвання”, — сказаў Петрышэнка.
belapan.by