Улады адхілілі план зносу Асмалоўкі
Гарадскія ўлады адхілілі план зносу менскага гістарычнага раёна Асмалоўка. Цяпер дэталёвы план адпраўлены на дапрацоўку, дзе ён можа знаходзіцца даволі доўгі час, таму ў грамадскасці з’яўляецца магчымасць камунікаваць з уладамі і прапаноўваць свае варыянты развіцця гэтай часткі Менска.
Высілкі грамадства прывялі да таго, што дэталёвы план, які прадугледжваў знос Асмалоўкі, не быў прыняты – і гэта перамога, кажа каардынатар кампаніі “Генплан для менчукоў” Дзяніс Кобрусеў.
– Па-першае, хачу адзначыць, што мясцовыя жыхары былі актыўныя і раней, удзельнічалі ў розных зборах подпісаў. Проста апошняя хваля – дэтальны план, які прадугледжвае знос, ён і стаў фінальнай кропкай. Абудзіліся нават тыя, хто раней думаў, што гэта іх не тычыцца. Узнікла шмат іншых ініцыятыўных груп жыхароў, якія былі вельмі актыўнымі. 1900 подпісаў, назбіраных імі, сведчаць пра іх актыўнасць. І, безумоўна, большасць жыхароў супраць зносу Асмалоўкі.
Са словаў Дзяніса Кобрусева, падчас пасяджэння архітэктурнай горадабудаўнічай рады, прадстаўнікі грамадскасці па пунктах пералічылі парушэнні і заўвагі, якія былі дапушчаныя ў час распрацоўкі праекта. Удзельнікі пасяджэння палічылі гэтыя заўвагі абгрунтаванымі.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sputnik.by