Улады адмовілі актывістам аргкамітэта БХД у пераносе выхаднога дня з 7 на 2 лістапада
Улады адмовілі актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) у пераносе выхаднога дня з 7 лістапада, Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, на 2 лістапада, дзень памінання продкаў „Дзяды”. Пра гэта гаворыцца ў адказе на калектыўны зварот, які атрымаў з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва гродзенскі каардынатар аргкамітэта БХД Яўген Дудкін.
У звароце нагадвалася, што Канстытуцыя Беларусі забараняе ўсталяванне ідэалогіі палітычных партый у якасці абавязковай для грамадзян, тады як днём 7 Лістапада шануецца менавіта гісторыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, якая ўстанавіла аднапартыйную сістэму ў Беларусі, руйнавалі храмы, арганізавала ганенні на вернікаў і масавыя рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі, сялян і рабочых.
Замест 7 лістапада прапаноўвалася зрабіць выхадным днём 2 лістапада, дзень памяці Дзяды, які ўмацуе сямейныя каштоўнасці праз наведванне беларусамі магіл сваіх продкаў, а ў рамках абвешчанага 2018 года Годам малой радзімы дасць магчымасць грамадзянам у навядзенні парадку ў малых населеных пунктах.
Аднак у адказе за подпісам першага намесніка міністра працы і сацабароны Андрэя Лабовіча, паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД, гаворыцца, што „прапанова аб пераносе выхаднога дня з 7 лістапада на 2 лістапада ў цяперашні час не разглядаецца”. Паводле яго слоў, у Беларусі зараз тры выхадныя дні на рэлігійныя святы — Нараджэнне Хрыстова 25 снежня і Раство 7 студзеня, а таксама Радаўніцу, і абвяшчэнне „яшчэ аднаго непрацоўнага святочнага дня (рэлігійнага свята) для вернікаў пэўнай канфесіі можа выклікаць незадаволенасць вернікаў іншых канфесій”.
Больш за тое, заяўляе першы намеснік міністра, „дата 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, стала адной з самых значных падзей XX стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі”.
„Гісторыя пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі — вызваленне працоўных ад эксплуатацыі і прыгнёту, зацвярджэнне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці. Гэтыя прынцыпы закладзеныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А для кагосьці гэта проста яшчэ адзін выхадны, на працягу якога можна проста адпачыць або правесці час з сям’ёй”, — гаворыцца ў адказе Лабовіча.