Улады адмовілі ў правядзенні акцыі „Астравецкі шлях” у Маладэчне



Маладэчанскі райвыканкам адмовіў у правядзенні 26 ліпеня акцыі „Астравецкі шлях”, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

Заяўка на правядзенне акцыі была падпісаная прадстаўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Генадзем Фарыно. Заяўнік прасіў дазволіць дэманстрацыю і мітынг у цэнтры горада. Аднак улады, паведаміў Кучук, аргументавалі сваю адмову тым, што заяўленыя месцы не ўваходзяць у пералік дазволеных для „пастаяннага правядзення” грамадскіх мерапрыемстваў.

Гэта ўжо трэцяя адмова ў правядзенні акцый, мэта якіх — прыцягненне грамадскай увагі да небяспекі запуску ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Сёлета аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” (штогод праходзіць 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС) вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га чысла ў гарадах і пасёлках, размешчаных паміж Менскам і Астраўцом (Гарадзенская вобласць): у Заслаўі, Радашковічах, Маладэчне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Серыя акцый павінна завяршыцца 26 лістапада ў Астраўцы.

У Заслаўі і Радашковічах акцыі таксама дазволеныя не былі.

Улады патлумачылі адмову ў правядзенні акцыі ў Заслаўі тым, што заяўка павінна была падавацца не ў мясцовы гарвыканкам, а ў Менскі райвыканкам. У выніку 26 мая ў Заслаўі каля двух дзясяткаў актывістаў розных дэмакратычных партый і арганізацый наведалі памятныя мясціны горада і правялі круглы стол па атамнай праблематыцы.

Адмову ў правядзенні акцыі ў Радашковічах чыноўнікі абгрунтавалі парушэннем тэрмінаў падачы заяўкі — яна была зарэгістраваная ў выканкаме 12 чэрвеня. „Рашэнне дзіўнае. Бо заяўка была накіраваная ў Маладзечанскі райвыканкам заказным лістом 11 чэрвеня, гэта значыць ва ўстаноўленыя законам тэрміны — за 15 дзён да правядзення акцыі”, — сказаў Кучук.

У выніку ў Радашковічах мы ўсклалі вянок да помніка Янку Купалу. Потым да нас падышлі прадстаўнікі праваахоўных органаў і мясцовай адміністрацыі, сказалі, што калі не разыдземся, будуць вымушаныя трактаваць нашы дзеянні як несанкцыянаванае мерапрыемства„, — распавёў палітык, паведаміўшы, што ўдзельнікі мерапрыемства не змаглі правесці круглы стол, бо кафэ, у якім ён планаваўся, было раптоўна зачыненае.

Папярэдне 26 ліпеня ў Маладзечне можа адбыцца пасяджэнне круглага стала, прысвечанага праблематыцы аварыі на ЧАЭС.    БелаПАН