Улады адмовіліся ад будаўніцтва ў месцах сталінскіх расстрэлаў



Днямі ў Воршы быў прэзентаваны генеральны план забудовы Воршы.

З дакументу вынікае, што мясцовым актывістам удалося дамагчыся адмены будаўніцтва дарогі праз урочышча Кабыляцкая гара -месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Зараз там ствараецца грамадскі мемарыял, гарадскія ўлады нават зрабілі шыльду на помніку-валуне, усталяваным у 1990-м годзе.

Але гэтая тэрыторыя вымагае далейшага ўпарадкавання, лічыць Ларыса Арэшына, удзельніца ініцыятывы “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”:

– У 2017-м годзе, з вялікім нежаданнем, але шыльду гэтую зрабілі, падсыпалі крыху дарогу, трошкі абрэзалі лес. Увосень мы тэлефанавалі, каб убралі дрэвы ўздоўж чыгункі – каб помнік быў відаць з боку горада. Але нешта няма аніякіх дзеянняў.

Апрача Кабыляцкай гары, афіцыйна прызнанага яшчэ ў 1980-я гады месца сталінскіх расстрэлаў, на Генеральным плане забудовы Воршы пазначана яшчэ адно. Такім чынам улады прызналі яшчэ адно жалобнае месца – Харкаўскі лес на выездзе з Воршы ў бок Магілева. Будаўніцтва дамоў у гэтым накірунку спынена, але ніякіх знакаў у памяць пра трагедыю 1930-х гадоў тут няма, кажа краязнаўца, грамадскі актывіст Віктар Міхасёў:

– Увогуле ўвесь гэты лес павінен быць абвешчаны мемарыяльным. Ніхто не ведае, колькі ахвяраў там пахавана. Тым не менш, хоць улады і далі такі неадназначны статус – меркаваныя месцы масавых пахаванняў – усё-ткі прызнаюць, што гэтае месца павінна быць даследавана і павінна быць ушанавана.

У 1930-я ў месца расстрэлаў каля Магілеўскай шашы невядомыя ўсталявалі жалезны крыж, але яго зламалі. Два гады таму ў лесе з’явіўся драўляны крыж, але і ён стаў ахвярай вандалаў. Актывісты плануюць звярнуцца ў райвыканкам з просьбай дапамагчы ва ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму і ў гэтых мясцінах.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя