Улады адмовіліся вяртаць кар’ер Кабакі ў зону адпачынку
Бярозаўскія ўлады адказалі адмовай жыхарам вёсак Кабакі і Малеч на патрабаванне вярнуць кар’ер Кабакі ў зону адпачынку. Чыноўнікі Бярозаўскага райвыканкама спаслаліся на сваё рашэнне ад 12 красавіка 2017 года аб забароне купання ў кар’еры. Яно прынята адпаведна з рэспубліканскім планам мерапрыемстваў на 2016-2018 годы па папярэджанні гібелі людзей на вадзе. План мерапрыемстваў зацверджаны, як паведамляецца ў адказе райвыканкама, прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Анатолем Калініным, кажа ініцыятар заявы-патрабавання грамадскі актывіст Анатоль Сахаруша:
– Калі ж у нас Калінін быў прэм’ер-міністрам у Беларусі?.. Нашы райвыканкамаўскія чыноўнікі, якія займаюць адказныя пасады, і намеснік старшыні райвыканкама нават не ведаюць, хто ў нас кіруе ўрадам. Якія праблемы яны могуць вырашаць?
– Па ўсіх іх пунктах бачна, што гэта фармальная адпіска. Замест таго, каб для народа зрабіць нейкую зону адпачынку, то яны вырашылі закрыць.
– Такая спякота летам. І куды нашы людзі з Кабакоў, Малеча і навакольных вёсак паедуць? На Багамы, у Грэцыю? У іх грошай няма нават на паліва, каб з’ездзіць у сялецкі «лягушатнік».
Паводле дэпутата мясцовага савета Валеры Білібухі, забараніць грошай не патрэбна, як для абследавання дна і берагоў кар’ера. Людзі купаліся ў кар’еры не адзін дзясятак гадоў і будуць купацца. Цяпер, праўда, пад страхам быць злоўленымі і аштрафаванымі міліцыяй.
Беларускае Радыё Рацыя