У Бабруйску прайшла акцыя за правы і свабоды грамадзян (абноўлена)



Некалькі дзясяткаў жыхароў Бабруйска прыйшлі на дазволеную ўладамі акцыю, што праходзіла каля стадыёна фабрыкі «Славянка». Многія былі абураныя тым, што ўлады не дазваляюць ім збірацца на цэнтральных плошчах горада. Падтрымаць жыхароў Бабруйска прыехалі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, прадстаўнік АГП Мікалай Казлоў, актывіст Рыгор Грык з Баранавічаў.

З вуснаў выступоўцаў гучалі заклікі да ўладаў аб поўнай адмене дэкрэта №3, спыненні нематываванага пераследу па так званай «справе патрыётаў».

Кажа грамадскі актывіст Максім Буйніцкі:

– Пасля брутальнага разгону 25 і 26 сакавіка па ўсёй рэспубліцы добра што людзі ўвогуле выйшлі. Бабруйск зараз першы, хто пачынае другую хвалю пратэстных акцый, таму што праблема не вырашана. Дэкрэт №3 застаецца ў сіле. Гэтыя акцыі будуць працягвацца. І зараз тая ж самая спроба дыялогу з уладай, пра якую так шмат казалі, адбываецца ў троху дзіўным фармаце, бо нашы прадстаўнікі гарвыканкаму нібыта шпацыравалі тут побач, – гэта спадар Маркачоў і спадар Ковель, але весці з імі дыялог складана. Я ганаруся ўсімі тымі людзьмі, якія сёння прыйшлі.  Яны не абыякавыя.

Таксама на мітынгу прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовых уладаў, якія на пачатку стаялі ў баку ад мітынгоўцаў – на тэрыторыі самога стадыёна. Людзі спрабавалі задаць хвалюючыя іх пытанні намесніку старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Аляксандру Маркачову, аднак змястоўных адказаў атрымаць не давялося. На завяршэнне мітынга прысутныя зацвердзілі рэзалюцыю з трох пунктаў: адмяніць дэкрэт №3, спыніць пераслед па палітычных матывах, у тым ліку сябраў бабруйскага клуба «Патрыёт», а таксама прызначыць месцам правядзення масавых мерапрыемстваў – плошчу Перамогі.

* * * 

9 красавіка а 12 гадзіне ў Бабруйску пройдзе санкцыянаваная акцыя «За правы і свабоды грамадзян». Месцам правядзення мітынгу бабруйскія ўлады прызначылі стадыён фабрыкі «Славянка», дзе амаль не ходзяць людзі. Нягледзячы на тое, што актывісты прасілі дазволіць правесці акцыю на Плошчы Перамогі, дзе ўжо раней праходзілі сходы супраць дэкрэта «аб дармаедах».

Арганізатары плануюць вынесці на абмеркаванне дэкрэт №3, адсутнасць свабоды слова, мірных сходаў і іншыя набалелыя для Беларусі пытанні.  Заяўнікам акцыі выступіла старшыня бабруйскай філіі прафсаюза РЭП Галіна Смірнова.

«Сапраўдны арганізатар мітынгу – гэта народ. А я выступаю наўпрост, як пасярэднік у камунікацыі з дзяржаўнымі структурамі», – адзначыла актывістка.

– Я пагаджуся з тым, што частка людзей напалоханая, бо яны кожны дзень сутыкаюцца з беззаконнем. А частка людзей проста раззлаваная. Я чула, як людзі гавораць – нам усё роўна, хай будзе “хапун”, я ўсё роўна пайду. Мы хочам яшчэ звярнуць увагу, бо гэта мусіць ведаць народ, што ёсць людзі, якія цяпер знаходзяцца за кратамі па палітычна надуманых справах, і гэта нашы бабруйцы – чальцы клуба “Патрыёт”. Не ўсе людзі пра гэта ведаюць.

Галіна Смірнова таксама звярнула ўвагу, што гэта рэдкі выпадак, калі мясцовыя ўлады дазваляюць правядзенне мітынгу. З вялікай колькасці заявак, якія актывістка падавала ў гарвыканкам, гэта другое па ліку дазволенае мерапрыемства за апошнія некалькі гадоў.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск