Улады Берасця адмовілі АГП у правядзенні 14 пікетаў



Адмовы ў правядзенні чатырнаццаці пікетаў у падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў атрымалі сябры берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.

Мясцовыя ўлады не дазволілі масавыя мерапрыемствы па прычыне адсутнасці дамоваў са спецыялізаванымі службамі, а таксама жаданнем ладзіць сустрэчы ў цэнтры горада, а не ў дазволеных для гэтага месцах.

Адзін з заяўнікаў Уладзімір Вуек лічыць, што для адмовы ёсць некалькі сапраўдных прычынаў:

— Улада зноў прадэманстравала, што яна не лічыцца з нашым канстытуцыйным правам: правам на мірныя сходы і шэсці. Тое, што іхныя падакты і пункты рашэнняў мясцовага гарвыканкама яны ставяць вышэй за Канстытуцыю. Па-другое, такім чынам мясцовая ўлада не хоча, каб была выяўлена салідарнасць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. І па-трэцяе, яны не зацікаўленыя, каб наша эканоміка рэфармавалася і развівалася. 

Актывісты планавалі правесці пікеты 31 студзеня каля ЦУМа, кінатэатра Беларусь, у мікрараёне Усход, каля некалькіх буйных гандлёвых кропак і ў дазволеных месцах – парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і стадыёне Лакаматыў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце