Улады Берасця забаранілі марш супраць свінцу



Дэманстрацыю «Марш супраць свінцу» берасцейскія мясцовыя ўлады не дазволілі. Яна мусіла адбыцца 3 чэрвеня і прайсці праз цэнтр горада каб праінфармаваць грамадзян пра небяспеку, звязаную з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Берасцем.

Пра важнасць такіх мерапрыемстваў кажа прадстаўнік ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва Лада Яраш:

— Распавесці сваім знаёмым, суседзям, пра пагражаючую небяспеку, бо шмат хто дагэтуль не ведае. Распавесці людзям, што гэта небяспечна. Адпіскі, якія мы атрымліваем, таксама напісаныя ледзь не пад капірку, там адны і тыя ж фразы. Гэта ў сведчыць пра тое, што гэтае пытанне далёка не ў парадку.

Прадстаўнікі Берасцейскага гарвыканкаму абгрунтавалі сваё рашэнне тым што дазволеным месцам для масавых мерапрыемстваў з’яўляецца плошча Свабоды. Заяўнікі ж дэманстрацыі збіраліся прайсці праз бульвар Касманаўтаў, вуліцу Гогаля і да Савецкай на пляцоўку перад кінатэатрам “Беларусь”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце