Улады Берасця забаранілі восем мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода



Берасцейскі гарвыканкам забараніў правядзенне ў абласным цэнтры васьмі мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Па чатыры мітынгі планаваліся на 25 і 26 жніўня, усе — на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Заяўнікамі мітынгаў, мэта якіх — выказаць пратэст супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр” пад Берасцем, а таксама праінфармаваць грамадзян аб ходзе грамадскай кампаніі супраць гэтай небяспечнай для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей вытворчасці, выступіла група жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, гарвыканкам забараніў мітынгі на падставе таго, што ў заяўленыя дні на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў будуць праводзіцца рамонтныя работы.

Мясцовая ўлада ідзе на разнастайныя хітрасці, каб знайсці фармальную нагоду для адмовы ў правядзенні заяўленых актывістамі акцый супраць гэтай небяспечнай вытворчасці. Увесь час там праводзяцца, як пішуць у адказах чыноўнікі, запланаваныя раней мерапрыемствы. У прыватнасці спартыўнае свята, канцэрт творчых калектываў горада, акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня бяздомных жывёл. Зараз мерапрыемствы скончыліся, і з’явіліся рамонтныя работы ў суботу і нядзелю, — адзначыў праваабаронца. — Рэальна ўлады баяцца гэтых акцый пратэсту. І гэтымі адмовамі ўсімі сіламі імкнуцца знізіць велізарнае абурэнне жыхароў рэгіёна будаўніцтвам гэтага завода„.

Акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст” будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя таго, 11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Тады пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек. Цяпер такіх подпісаў сабрана ўжо больш за 5 тысяч.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне ў Берасці шэрагу акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыблізна дзве тысячы чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.  БелаПАН