Улады дапускаюць новае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі
Павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын можа працягнуцца пасля 2022 года. Паводле інфармацыі БелаПАН, пра гэта было заяўлена на гэтым тыдні ў Савеце Рэспублікі, дзе разглядалася пытанне дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, за кошт сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі, выконваецца з дэфіцытам з 2013 года. Паводле інфармацыі БелаПАН, тэма дэфіцыту ФСАН на гэтым тыдні выносілася на разгляд групы экспертаў, якая збіралася ў Савеце Рэспублікі. У пасяджэнні ўзялі ўдзел кіруючыя работнікі міністэрстваў і ведамстваў.
„Забяспечваць збалансаванасць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва плануецца за кошт комплексу мер, у тым ліку шляхам пераносу некаторых расходаў фонду на рэспубліканскі бюджэт”, — паведаміў БелаПАН суразмоўца ў парламенцкіх колах, знаёмы з вынікамі пасяджэння групы экспертаў у Савеце Рэспублікі.
У прыватнасці прапануецца ажыццяўляць выдаткі на выплату дапамогі для догляду інвалідаў першай групы і састарэлых, якія дасягнулі 80 гадоў, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а не са сродкаў ФСАН.
Таксама з мэтай зніжэння выдаткаў ФСАН разглядаецца магчымасць змены падыходаў да аплаты бальнічных. У прыватнасці прапануецца не аплачваць бальнічныя работнікам у сувязі з агульным захворваннем або траўмай у побыце першыя тры каляндарныя дні, а аплачваць іх толькі з чацвёртага дня часовай непрацаздольнасці.
На афіцыйным узроўні таксама разглядаецца магчымасць далейшага павышэння пенсійнага ўзросту для жанчын.
„Прапанова, якая прагучала ў Савеце Рэспублікі, заключаецца ў тым, каб працягнуць павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын. Новы этап павышэння пенсійнага ўзросту ў гэтым выпадку можа пачацца ў 2023 годзе”, — паведаміў суразмоўца БелаПАН у парламенцкіх колах.
Нагадаем, першае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчанае ў 2016 годзе. Тады ў Беларусі было прынятае рашэнне павышаць пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 года штогод на шэсць месяцаў. У выніку, за 2017-2022 гады пенсійны ўзрост жанчын вырасце з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў.
Новая прапанова, з якой улады выйшлі на гэтым тыдні падчас пасяджэння групы экспертаў у Савеце Рэспублікі, прадугледжвае рэалізацыю наступнага этапу павышэння пенсійнага ўзросту для жанчын. Паводле ацэнак дзяржавы, павелічэнне пенсійнага ўзросту для жанчын з 58 да 63 гадоў, якое можна ажыццявіць у 2023—2032 гады, дасць магчымасць не дапусціць павелічэння дэфіцыту ФСАН і пры гэтым захаваць пенсіі на цяперашнім узроўні (не менш за 40% ад сярэднямесячнай зарплаты).
Беларускія эканамісты лічаць такі сцэнар развіцця падзей вельмі верагодным.
„Захаваць права жанчын выходзіць на пенсію на пяць гадоў раней за мужчын наўрад ці атрымаецца. З улікам старэння насельніцтва гэта запатрабуе альбо павелічэння ўзносаў у ФСАН, якія і так высокія, альбо зніжэння пенсійных выплат, але яны і так невялікія. Таму павышэнне пенсійнага ўзросту жанчын да ўзроўню мужчын, хутчэй за ўсё, адбудзецца”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.
Разлікі экспертаў, заснаваныя на дэмаграфічных звестках, пацвярджаюць гэтую выснову.
„Нашы разлікі, якія мы рабілі ў рамках даследаванняў, паказваюць, што для недапушчэння росту дэфіцыту ФСАН у доўгатэрміновай перспектыве пенсійны ўзрост жанчын трэба падымаць да ўзроўню мужчын. Таму, хутчэй за ўсё, у 2022 годзе працэс павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі не спыніцца”, — мяркуе акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.