Улады дазволілі мітынг-рэквіем „Дзень памяці пра генацыд”
Менскія ўлады дазволілі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ правесці 3 чэрвеня ў Курапатах мітынг-рэквіем „Дзень памяці пра генацыд”.
Мерапрыемства прысвечана 30-годдзю адкрыцця праўды пра гэтае месца масавых расстрэлаў і пахаванняў часоў савецкага вялікага тэрору ў трыццатыя – саракавыя гады мінулага стагоддзя, – нагадаў намеснік Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў. Ён адзначыў, што дазвол на мітынг быў атрыманы ў самы апошні момант:
– Атрымалі дазвол у аўторак, 29 траўня, у канцы дня. Гэта значыцца, у крытычны дзень. Хоць папярэдне вусна зявілі, што яны падрыхтавалі адказ адмоўны. І для нас было нечакана, што ўсё ж такі яны дазволілі. Зараз ідзе падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства.
Мітынг-рэквіем пачнецца 3 чэрвеня ў 13 і закончыцца ў 16 гадзінаў. Арганізатары разлічваюць, што ў ім прыме ўдзел да 2 тысяч чалавек. Сяргей Папкоў адзначыў, што мітынг будзе асаблівы тым, што акрамя выступаў, на ім прадугледжваецца выстава розных дакументаў, фатаздымкаў, якія будуць прадстаўлены на стэндах каля Крыжа пакутаў.
Упершыню праўда пра пахаванні ва ўрочышчы Курапаты стала вядома з артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты – дарога смерці”, надрукаванага 3 чэрвеня 1988 года ў газеце „Літаратура і мастацва,” – нагадаў Сяргей Папкоў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск