Улады дазволілі „Народны альбом” у Менску
24 лютага 2017 года ў «Прайм-холе» ў Менску мае прайсці канцэрт культавага праекта 1990-х «Народны альбом». Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку прадзюсар Уладзімір Шаблінскі.
«Агенцтвам «Шаблі» атрымана гастрольнае пасведчанне на правядзенне ў «Прайм-холе» канцэрта «Народны альбом». Я выказваю ўдзячнасць кіраўніцтву пляцоўкі за заключаную дамову арэнды, Галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкама – за ўзгадненне мерапрыемства. У Год культуры — больш культурных падзей!», — напісаў ён.
Увосень 2016 года адзначалася 20-годдзе «Народнага альбома» — аднаго за найбольш вядомых і уплывовых беларускіх музычных праектаў.
У праекце (аўтар вершаў — Міхаіл Анемпадыстаў) расказвалася пра жыццё заходнебеларускага мястэчка ў 1920-1930-х гадах.
У праекце спявалі Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая ды іншыя.
Песні «Простыя словы», «Край ты, мой край», «Кантрабандыст», «Паляўнічы, ты мой, паляўнічы» сталі агульнавядомымі.