Улады дазволілі ўшанаваць Слуцкі збройны чын



Слуцкі раённы выканаўчы камітэт даў дазвол на правядзенне 24 лістапада дэманстрацыі і мітынгу, прысвечаных 97-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну.

Мясцовыя ўлады, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ, далі дазвол на правядзенне акцыі ў наступным фармаце: збор удзельнікаў у 11.00 каля гарадскога стадыёна (вул. Віленская, 14), дэманстрацыя да гарадскога парку, у якім з 11.45 да 12.30 пройдзе мітынг.

Як і ў мінулым годзе, улады змянілі маршрут дэманстрацыі, не дазволіўшы заяўнікам акцыі прайсці калонай па галоўнай вуліцы Слуцка.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, член Партыі БНФ Павел Батуеў, член Партыі БНФ і каардынатар руху „За Свабоду” па Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч і прадстаўнік руху салідарнасці „Разам” Генадзь Драздоў.

Янукевіч выказаў надзею, што акцыя прыцягне вялікую грамадскую ўвагу, бо праходзіць у год стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, пад сцягамі якой пачалося Слуцкае паўстанне.

„Слуцкае паўстанне з’яўляецца адным з самых яскравых прыкладаў праявы мужнасці і адвагі беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць нашай краіны, — сказаў палітык. — Менавіта такія гістарычныя даты мы павінны шанаваць дзеля ўмацавання незалежнасці Беларусі. Мы разлічваем, што на акцыю ў Слуцку прыедуць патрыёты з Мінска і іншых гарадоў краіны”.

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай абароны незалежнасці Беларусі. На працягу месяца, у лістападзе—снежні, ваенныя атрады, сфарміраваныя на Случчыне пераважна з мясцовых вяскоўцаў, аказвалі супраціўленне войскам Саветаў.

belapan.by