Улады Гародні ігнаруюць патрэбы інвалідаў



Гарадзенскія інваліды-калясачнікі не ў стане трапіць на прыём да кіраўнікоў горада і вобласці. Будынкі гарадскога і абласнога выканаўчых камітэтаў, як і будынкі раённых адміністрацыяў, не абсталяваныя элементамі безбар′ернага асяроддзя.

Недаступнымі для інвалідаў застаюцца і іншыя адміністрацыйныя будынкі, дзе месцяцца, прыкладам, сацыяльныя службы і міліцыя.

Як зазначае старшыня асацыяцыі інвалідаў–калясачнікаў, Сяргей Фешчанка, такая сітуацыя сведчыць пра стаўленне ўладаў да жыхароў горада і вобласці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

– Як сказалі ў адной арганізацыі: «І Масква не адразу будавалася». На жаль, законы, чамусьці, дзесяцігоддзямі ігнаруюцца і робіцца толькі паказуха: наводзіцца вонкавая прыгажосць, а тое, што неабходна зрабіць, ігнаруецца.

 

Не лепшым чынам да інвалідаў ставяцца і гарадзенскія аўтааматары. Паводле дадзеных дзяржаўнай аўтаінспекцыі, у 2015 годзе 187 кіроўцаў прыцягнутыя да адказнасці за паркоўку ў месцах, адведзеных для інвалідаў. Сума штрафаў склала 53 мільёны рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня