Улады перашкаджаюць правядзенню фэсту ў Свіслачы (абноўлена)
Перашкодзіць правядзенню Дня памяці паўстанцаў 1863-га году ў Свіслачы спрабуюць улады. Аўтобусны парк № 1 Гародні ў аднабаковым парадку ануляваў дамову на паездку Гародня-Свіслач-Гародня. Хоць аўтобус загадзя быў дамоўлены і аплочаны. Прычынаў у аўтапарку не назвалі.
Кажа Уладзімір Хільмановіч, які заключаў дамову:
У аўтобусным парку, як я і чакаў, ніхто не змог нічога мне растлумачыць. Усе хаваюць вочы. Тыя прадстаўнікі адміністрацыі, да якіх я звяртаўся, урэшце вярнулі мне грошы за аплочаныя паслугі, якія яны так і не здзейснілі. Я падаў скаргу на імя дырэктара аўтапарка, хоць і не чакаю, што там будуць нейкія сур’ёзныя тлумачэнні. Па ўсёй верагоднасці, паступіў загад у аўтапарк. Адкуль ён прыйшоў, я не ведаю – ці з упраўлення ідэалогіі, ці з упраўлення ўнутраных спраў, альбо нават з «Комитета государственной безопастности».
Традыцыйнае ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага запланавана ў Свіслачы ў гэтую суботу, 31-га кастрычніка. Як вядома, на гэтых землях пахаваны старэйшы з братоў Каліноўскіх – Віктар, які лічыцца ідэолагам нацыянальна-вызвольнага паўстанняў 1863 году.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
* * *
Улады імкнуцца перашкодзіць правядзенню Дня памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. Гарадзенскі аўтапарк відавочна пад ціскам адмовіўся прадаставіць замоўлены і аплачаны аўтобус. З намі на сувязі – арганізатар аўтобуснага выезду ў Свіслач Уладзімір Хільмановіч:
– Сёння мне патэлефанавалі з Гарадзенскага аўтапарка. Жанчына вельмі спалоханым голасам паведаміла, што аўтапарк не зможа забяспечыць нас аўтобусам, які быў замоўлены і аплочаны. Я асабіста замаўляў аўтобус на 28 чалавек на праезд у Свіслач на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Такім чынам, улады імкнуцца перашкодзіць правядзенню фэсту памяці, калі напярэдадні Дзядоў людзі едуць у Свіслач і ўшаноўваюць нашых нацыянальных герояў.
Я не ведаю, якое тлумачэнне дасць кіраўніцтва аўтапарка. Але, хутчэй за ўсё, яны будуць хаваць вочы, адмоўчвацца ці казаць пра тэхнічныя прычыны. Хоць зразумела, што гэта не так. Тым больш што і аўтобус быў зарэзерваваны загадзя, аплочаны і як бы збіраўся выехаць у Свіслач.
„Традыцыйны фэст у Свіслачы і Якушоўцы на Гарадзеншчыне, відавочна, не падабаецца ўладам. Іначай цяжка патлумачаць, чаму кіраўніцтва аўтапарка фактычна за дзень да паездкі адмовілася прадаставіць загадзя замоўлены і аплочаны аўтобус для экскурсійнай паездкі,” – адзначае Уладзімір Хільмановіч, які займаўся арганізацыйнымі пытаннямі. Ён плануе ўзяць тлумачэнні ў кіраўніцтва аўтапарка і нават не выключае звароту ў суд:
– Людзі запісаліся на паездку, а зараз давядзецца шукаць альтэрнатыўныя магчымасці даезду. Людзі, відаць, будуць дабірацца асабістым аўтатранспартам. Не ўсе тыя, хто запісаўся на гэтую паездку, змогуць патрапіць на фэст з-за такой пазіцыі ўладаў. Відавочна, што гэта ініцыятыва не аўтапарка. Яны б з радасцю прадаставілі аўтобус, бо гэтаму прадпрыемству трэба зарабляць. Тым больш што гэта паездка экскурсійная. Але сітуацыя склалася прыкрая: рэакцыйнае чынавенства і спецслужбы кіруюць у Гарадзенскай вобласці.
Традыцыйнае ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага запланавана ў Свіслачы на гэтую суботу, 31-га кастрычніка. Як вядома, у Свіслачы пахаваны старэйшы з братоў Каліноўскіх – Віктар, які лічыцца ідэолагам нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя