Улады хочуць цалкам заблакаваць незалежныя сайты (абноўлена)
Беларускія ўлады хочуць цалкам заблакаваць незалежныя сайты. Міністэрства сувязі заблакуе сродкі ананімнасці ў інтэрнэце. Цяпер блакавацца будуць не толькі забароненыя сайты, але таксама ананімайзеры і сеткі тыпу Tor, якія дазваляюць атрымаць доступ да забароненых сайтаў.
Гэта дазваляе пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтра ад 19 лютага, якая набыла сілу з дня публікацыі на Нацыянальным прававым партале.
Гэтым самым фактычна распрацаваны механізм блакіроўкі непажаданых сайтаў, адзначае юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
– Мы бачым, што гэты механізм не стаў больш празрыстым, не зняў пагрозы ў параўнанні з тым, што было ў законе, усё так і засталося. Магчымасць дзяржаўных органаў у пазасудовым парадку блакаваць сайты – гэта ўсё прапісана зараз.
Шэф-рэдактарка „Народнай волі” Святлана Калінкіна лічыць, што асцерагаючыся знешніх пагрозаў, беларускія ўлады абралі не самы лепш шлях змагання ў інфармацыйнай вайне:
– Нашы стратэгі плануюць выкарыстоўваць самую неэфектыўную зброю, бо прыклад Украіны наадварот паказвае, што менавіта сацыяльныя сеткі, менавіта новыя медыі, менавіта медыі ў інтэрнэце, якія з’явіліся, яны супрацьстаялі расейскім СМІ і супрацьстаялі вельмі паспяхова. А нашы проста думаюць нейкімі старымі штампамі, што яны дазволяць “Савецкай Беларусі”, Беларускаму тэлебачанню, і яшчэ некаму выходзіць у эфір, і ў інтэрнэт, і выйграюць вайну – гэта няправільна.
Як адзначае Святлана Калінкіна, ужо зараз трэба пачынаць інфармацыйную працу сярод насельніцтва, і вучыць, як абыходзіць магчымыя забароны. Але, на яе думку, цалкам заблакаваць непажаданыя сайты беларускім уладам не ўдасца. Як прыклад журналістка прыводзіць падобныя няўдалыя спробы ў Кітаі.
Медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі адзначае, што ўлады такім чынам спрабуюць атрымаць кантроль над беларускім інтэрнэтам, і тэхнічна для гэтага ёсць магчымасці:
– Сапраўды пагроза ёсць і трэба звярнуць увагу, па-першае, на тое, што зараз гаворка ідзе не толькі пра ўстановы адукацыі, культуры і дзяржаўныя арганізацыі, а пра ўсіх грамадзянаў – гэта звязана з Дэкрэтам па барацьбе з наркотыкамі і папраўкамі да Закону аб СМІ, дзе ўсе інфармацыйныя рэсурсы інтэрнэту прыраўняныя да СМІ і адпаведна трапілі пад адказнасць Міністэрства інфармацыі. Другі момант, як кажуць спецыялісты, з якімі я раіўся, што тэхнічна рэалізаваць гэта магчыма.
Механізм забароны наступны: дзяржаўныя органы выяўляюць факты размяшчэння ў інтэрнэце паведамленняў і матэрыялаў, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой забаронены. Затым накіроўваюць у Міністэрства інфармацыі пісьмовыя паведамленні пра неабходнасць абмежавання доступу да такой інфармацыі. Інтэрнэт-правайдэры як пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны бязвыплатна і ў абавязковым парадку заблакаваць для фізічных асоб, арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў доступ на тэрыторыі Беларусі да рэсурсаў, якім на працягу года вынесена два і больш пісьмовыя папярэджанні Міністэрства інфармацыі.
Толькі 1-га студзеня ў Беларусі ўступіў у сілу абноўлены закон аб СМІ, згодна з якім, Міністэрства інфармацыі можа заблакаваць сайт, калі ён змяшчае “неналежную” інфармацыю. Між тым яшчэ ў снежні, да ўступлення абноўленага закона ў сілу, у краіне без тлумачэння прычын часова абмежавалі доступ да шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя