Улады Магілёва падумаюць наконт шыльды ў гонар паўстання 1661
Грамадскі актывіст з Магілёва Антон Касцоў атрымаў з Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта адказ на петыцыю за ўшанаванне памяці Магілёўскага паўстання 1661 года. Касцоў прапаноўваў усталяваць шыльду на будынку гарадской ратушы, дзе пачалося паўстанне.
Кажа грамадскі актывіст Антон Касцоў:
– Пакуль я задаволены адказам, паглядзім як будзе выглядаць справа далей. Маю надзею, што ў камісіі будуць людзі, якія шануюць нашу гісторыю і прымуць станоўчае рашэнне. Калі не, то буду звяртацца ў Міністэрства культуры. Бо гэта – змаганне за нашу гісторыю.
У адказе намесніка начальніка Магілёўскага аблвыкама Андрэя Кунцэвіча адзначаецца:
– Для вырашэння пытання па ўстаноўцы дошкі, прысвечанай дадзенай гістарычнай падзеі, упраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама даручана ўпраўленню культуры гарвыканкама разгледзець Вашу прапанову на чарговым пасяджэнні тапанімічнай камісіі.
Магілёўскае антымаскоўскае паўстанне адбылося 1 лютага 1661 у час вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг. Яно пачалося з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч „Пара! Пара!” бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў, а гараджане масава падтрымалі выступ.
Беларускае Радыё Рацыя