Улады не бачаць падставаў для дыстанцыйнага навучання ў школах



У школах няма перадумоваў для пераходу на дыстанцыйнае навучанне ў сувязі з COVID-19. Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

„Адзначу, што на працягу першай чвэрці школу наведвалі не менш за 85% навучэнцаў, па хваробе прапускалі навучальныя заняткі не больш за 11% школьнікаў”, — цытуе яго словы БЕЛТА.

Увесну, калі ўводзілася дыстанцыйнае навучанне, у Беларусі фіксавалася па 300-400 новых хворых штодня. Цяпер кожны дзень Мінздароўя паведамляе пра амаль 1000 новых выпадкаў (за апошнія суткі зарэгістравана 983 новыя выпадкі захворвання). 

Пры гэтым Петрышэнка прызнаў, што ва ўніверсітэтах некаторыя групы пераходзяць на аддалены фармат навучання. Сёння так вучацца 10% студэнтаў. 

Па словах віцэ-прэм’ера, рашэнні пра магчымую карэкціроўку навучальнага працэсу будуць прымацца з улікам паказчыкаў па захворванні.

Фота: БелТА