Улады пачалі ціск на 19-гадовага відэаблогера



Сцяпан Святлоў вядзе адзін з найбольш папулярных ю-туб каналаў у беларускім сегменце інтэрнэту. У кватэры блогера адбыўся вобшук, былі канфіскаваны ноўтбук і відэакамера. Малады чалавек падазраецца ў абразе гонару і годнасці прэзідэнта Рэспублікі.

Стваральнік канала Нехта, Сцяпан Святлоў працягвае:

—  Канал Нехта я стварыў у 2015 годзе і пачаў выпускаць навіны пра тое, што адбываецца ў Беларусі, сапраўдныя навіны, якіх няма на БТ. Перадусім пераслед я звязваю з тым, што цяпер працягваецца вельмі актыўны рост падпісантаў. На канале ўжо больш за 110 тысяч падпісантаў. У сувязі з гэтым пачаўся пераслед. Для мяне дзіўна, што гэта пачалося настолькі позна.

Падчас вобшуку аператыўнікі паказалі пастанову аб правядзенні праверкі, вынікам якой можа быць узбуджэнне крымінальнай справы супраць юнака. Сярод іншага ў пастанове былі зазначаны імаверна прыніжальныя выразы ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы, блогер працягвае:

— Там былі пералічаны абразы. На жаль, маці не сфатаграфавала і не запомніла гэтага, бо ўсё вельмі раптоўна і нечакана адбывалася. Але адным з такіх выразаў быў “ЛукаШэрлак” — назва відэа, у якім Лукашэнка распавядае, што выкрыў нейкае злачынства ў Магілёве з 2009 года. І гэтае словаўтварэнне “ЛукаШэрлак” палічылі абразай прэзідэнта, ягонага гонару і годнасці.

Канал Нехта складаецца з рэгулярных выпускаў навінаў, у якіх Сцяпан Святлоў выказвае крытычнае стаўленне да беларускай улады. Адметнасцю канала з’яўляецца сатырычная рубрыка «Удар пад дых», у якой блогер фіксуе супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў МУС.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава