Улады пагражаюць забраць у незалежнай журналісткі сына
Міліцыянты пагражаюць адабраць у гомельскай незалежнай журналісткі сына. Незалежны відэааператар Ларыса Шчыракова некалькі разоў пачула ад праваахоўнікаў, што яна нібыта недастаткова надае ўвагі выхаванню свайго дзіцяці.
Паводле Ларысы Шчыраковай, сваімі дзеяннямі ўлады пераходзяць усе дапушчальныя межы.
– Да маёй маці прыходзілі, праводзілі з ёй гутарку. Палохалі тым, што за маю журналісцкую дзейнасць могуць адабраць дзіця. Таксама са мной размаўляў начальнік камісіі па справах непаўнагадовых Дзмітрый Волкаў. Ён казаў, што я не люблю свайго дзіцёнка, што я кепская маці. У сітуацыі, калі адбіраюць дзяцей у алказалежных, усё зразумела. Але калі адбіраюць дзіця ў вядомай гомельскай журналісткі – гэта будзе, канешне, абсалютна негатыўная рэакцыя, таму што дзеці – гэта святое.
Журналіст-фрылансер Ларыса Шчыракова адна выхоўвае 10-гадовага сына. За сваю працу ў якасці відэааператара яна неаднаразова прыцягвалася да штрафаў, а таксама атрымлівала папярэджанні ад пракуратуры.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота: Новы Час