Улады пакуль адмаўляюцца абмяркоўваць святкаванне 100-годдзя БНР



Прадстаўнікі нацыянальнага аргкамітэту па адзначэнню 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі не змаглі сустрэцца з кіраўніцтвам Менгарвыканкама. Па словах сустрашыні Беларускай хрысіянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, з моманту падачы заяўкі на правядзенне 25 сакавіка ў Менску дэманстрацыі, мітынгу і канцэрту было зроблена 4 спробы трапіць на прыём кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэя Шорца. Але сустрэчы так і не адбыліся.

– Мы канстатуем, што жадання размаўляць пра акцыю 25 сакавіка, прынамсі ў Менгарвыканкама, няма. Мы спадзяемся, што пакуль. Зразумела, яшчэ ёсць паўтара месяца да гэтай акцыі. Мы будзем грукацца. Грукайцеся – і вам адчыняць. Тым не менш, для таго, каб падштурхнуць Менгарвыканкам абмяркоўваць з беларускім народам пытанне адзначэння 100-годдзя незалежнасці ў цэнтры Менска, мы пачынаем кампанію народная заяўка. І мы пачнем дасылаць. Мы разлічваем на некалькі сотняў зваротаў ад грамадзян Беларусі.

Ідэя ў тым, каб грамадзяне праз свае звароты заклікалі Менгарвыканкам дазволіць акцыю 25 сакавіка менавіта ў фармаце, распрацаваным аргкамітэтам – сказаў Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

***

Улады пакуль адмаўляюцца абмяркоўваць з апазіцыяй святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, паведаміў 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску адзін з арганізатараў святкавання, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння БНР распачаў чатыры беспаспяховыя спробы абмеркаваць з прадстаўнікамі Менгарвыканкама правядзенне вулічнай акцыі ў цэнтры Менска 25 сакавіка.

Заяўка на правядзенне акцыі была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі (Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі „Беларускі рух”, ініцыятыва „Дзея”, прафсаюз РЭП, рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць”, кампанія „Еўрапейская Беларусь”). Заяўнікі просяць Мінгарвыканкам дазволіць на 25 сакавіка не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.

„Пры падачы заяўкі мы прасілі сустрэцца з намі для яе абмеркавання, але безвынікова, — распавёў Севярынец. — Прадстаўнік аргкамітэта, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў праводзіў тэлефонныя перамовы з усімі даступнымі чыноўнікамі, каб сустрэча адбылася, — гэта таксама не прывяло да выніку”.

2 лютага ў гарвыканкам быў накіраваны пісьмовы зварот з просьбай арганізаваць сустрэчу са старшынёй выканкама Андрэя Шорца, а 6 лютага прадстаўнікі аргкамітэта асабіста прыйшлі запісацца да яго на прыём, які павінен быў адбыцца на наступны дзень. „Адказ быў такі: ваша заяўка знаходзіцца ў Мінгарвыканкаме, на яе будзе дадзены пісьмовы адказ. З нагоды запісу на прыём сказалі, што не змогуць гэтага зрабіць, бо ўжо сфарміраваны парадак яго правядзення”, — паведаміў Севярынец. „Таму мы канстатуем, што на гэты момант жадання размаўляць пра акцыю 25 сакавіка, па меншай меры ў Мінгарвыканкама, пакуль няма”, — дадаў ён.

Для таго каб „падштурхнуць сталічныя ўлады да абмеркавання акцыі”, аргкамітэт, паводле слоў Севярынца, распачынае кампанію „народная заяўка”. „Мы разлічваем паслаць некалькі соцень зваротаў на імя Шорца. Ідэя ў тым, каб грамадзяне заклікалі Мінгарвыканкам дазволіць акцыю ў фармаце, прапанаваным аргкамітэтам”, — паведаміў ён.

Форму заяўкі можна знайсці на сайтах арганізацый, якія ўваходзяць у склад аргкамітэта, а таксама на іх старонках у сацсетках.

19 студзеня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава заявіла, што калі паступяць „канструктыўныя прапановы” з нагоды святкавання 100-годдзя БНР, улады „будуць абмяркоўваць іх”. „Усё павінна быць цывілізавана. Калі хтосьці заклікае людзей выходзіць на вуліцы — гэта няправільна”, — сказала Качанава журналістам пасля трэцяга з’езду праўладнага ГА „Белая Русь”.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Штогод у гэты дзень дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае Дзень Волі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

belapan.by