Улады працягваюць пераслед глыбоцкага журналіста Змітра Лупача



15 траўня старшы лейтэнант шаркоўшчынскай міліцыі Уладзімір Чапулёнак склаў на Змітра Лупача чарговы пратакол за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Падставай для адміністрацыйнай справы па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП стаў сюжэт пра каронавірус у Шаркоўшчыне. Чарговы суд адбудзецца 26 траўня.

Да таго ж глыбоцкія міліцыянты патэлефанавалі журналісту, каб менавіта сёння, 15 траўня, ён з’явіўся для адбыцця пакарання – 10 сутак у пастарунку.

Як кажа Зміцер Лупач, улады, напэўна, хочуць яго «даціснуць», як гэта зрабілі з яго калегамі з «Белсата» Кастусём Жукоўскім, Вольгай Чайчыц і Андрусём Козелам:

– Наступным аб’ектам яны абралі мяне. Можа, ім не падабаецца, што Глыбокае – адзіны невялікі горад Беларусі, у якім менш за 100 тысяч насельніцтва, дзе ёсць карэспандэнцкі пункт «Белсата». Можа гэта ім не падабаецца, можа, яшчэ што. Я ж не ведаю.

Паводле праваабаронцы і юрыста грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Паўла Левінава, улады ў асобе Змітра Лупача абралі сабе чарговую ахвяру:

– Улады проста абрала ахвяру і «давіць» моцных, тых журналістаў, рэпартажы якіх «б’юць не ў брыво, а ў вока». І такія прыклады мы ведаем. Гэта і журналіст Жукоўскі, і Чайчыц, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Магчыма, гэтага ж дамагаецца ўлада і адносна Змітра Лупача. Але з іншага боку, калі такія журналісты з’едуць з краіны, то як грамадзяне змогуць атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю?

Па словах Паўла Левінава, журналіст Зміцер Лупач падаў у Камітэт ААН па правах чалавека ўжо каля 15 скаргаў. І ён спадзяецца, што сёлета ці ў наступным годзе яны пачнуць атрымліваць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, дзе Беларусь будзе прызнаная парушальнікам правоў сваіх грамадзянаў і абавязацельстваў па Міжнародным пакце.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя